Раманс

Яшчэ не ацэнена

Ты снілася, ты зноў мне сёння снілася:
чужая жонка — родная душа.
Нязвычна доўга сонца ў сне садзілася,
і маладзела пад дажджом шаша.
Ядловец пах знікомым пахам тайнага,
няўлоўнага імгнення тэт-а-тэт,
і цені два з пейзажу пастаральнага
выходзілі, ствараючы дуэт.
Сказаў адзін: "Як ціха сёння вечарам".
Сказаў другі: "Маглі мы разам быць".
Заўжды ў жыцці нам не хапае нечага,
пакуль у жылах дымна кроў кіпіць.
Ноч адбыла, і на світанні ўзрушана
прайшоўся верхам вецер малады.
I зніклі цені разам і нязмушана,
і ты шапнула: "Мілы, дай вады".