У хованкі з фіранкамі гуляе
свавольнік-вецер. Белыя лісты
якойсьці кнігі, што чытала ты,
са смехам шапатлівым ён гартае.
I сыпле на старонкі цёплы снег
таполевых зазімкаў, што бялее
па ўсіх завулках, парках і алеях,
што падае ў далоні ціха мне.
А я ў вачах тваіх ізноў тану,
і ўжо не выплыць мне адтуль ніколі,
і дна ніколі мне не дасягнуць.
Ды ўжо інакшай і не трэба долі —
адно імгненне ў вечнасць працягнуць
і ўбачыць сонца скрозь буран таполяў.