Не чулі мы пра шлюбныя палацы,
Не бачылі ні кветак, ні фаты,
Ты да мяне забегла пасля працы
I неабходнай стала назаўжды.
Я мітусіўся па пустым пакоі,
Пакуль стары імбрычак запяе,
Абветранай калючаю шчакою
Хацеў далоні адагрэць твае.
Казалі мы не тое, што хацелі
Сказаць у вечаровай цішыні.
А снежань так дарогі замяцеліў,
Што не даехаць блізкім і радні.
Ты выпырхнула з мокрай целагрэйкі
I да мяне нячутна падышла.
Сняжынкамі завеяныя вейкі
Здаваліся праменнямі святла.
Скацілася па небасхіле зорка
Трымцела замарожанае шкло...
Нас не віталі, не крычалі: «Горка!»,
Бо нам і так нясоладка было.
I ўсё ж я быў шчаслівы, як ніколі.
З тае пары агеньчык не ачах,
Як ты мой цень убачыла на столі,
А я пазнаў сябе ў тваіх вачах.
З табою нас пярсцёнкі не звязалі,
Сваты не падлівалі нам віно,
А мы ад шчасця так і не сказалі,
Як неабходны аднаму адно.