Пімену Панчанку
Па гасцінцы, міма клёнаў,
Пранясло аўтакалону
З песняй, музыкай і смехам, —
Сам шафёр у сваты ехаў.
З гулам-гоманам вясёлым
Шпарка ўехалі ў пасёлак
I ля хаты, што пад вязам,
Прыпыніліся адразу.
Скрыпка гучна стала весці:
— Будзем піць і будзем есці!
Будзем піць і будзем есці!
Бубен біў у добрым гудзе:
— Будзем бачыць, што там будзе!
Будзем бачыць, што там будзе!
Сумных між гасцей — нікога!
Што ж, за хлопца удалога
Пойдзе кожная з ахвотай!
Маці стрэціла ў варотах:
— Ох, бяда: дачушка ўчора
З’ехала да цёткі ў горад...
Засумеліся ўсе госці,
Ускіпеў жаніх ад злосці.
Струны скрыпкі так запелі:
— Не пілі мы і не елі!
Не пілі мы і не елі!
Бубен біў у сумным гудзе:
— Я так думаў, што так будзе!
Я так думаў, што так будзе!
Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну?
Счуў жаніх праз дзень прычыну, —
Зганьбавала яго люба:
Быў ён з ёй нібыта грубы.
За рулём замнога чахне,
Не бензінам часам пахне.
Ды ўжо й зух ён быў задужа, —
Мог бы стаць нядобрым мужам...
Скрыпка горка галасіла:
— Шчасце дзеўчына ўпусціла...
Шчасце дзеўчына ўпусціла...
Бубен біў у злосным гудзе:
— Там, дзе ты, — дык гэтак будзе!
Там, дзе ты, — дык гэтак будзе!