Свет кахання адкрыты для ўсіх.
Увайшоўшы, забудзеш пра выйсце.
Вось і я тут для росквіту сіл
Назаўсёды застаўся калісьці.
    А ў Парыжы ў Сене -- вада!
    Ля вады той гуляе Жанета.
    Ды Парыж мне чужы. Не шкада,
    Што не стрэўся з жанчынаю гэтай.
Толькі ўспомніцца -- і затрымціць,
Усплыве забароненай тэмай,
Як гублялася доказу ніць
Закаханнасці тэарэмы.
    А праз Полацк цячэ дзве ракі!
    Ля вады той гуляе Галіна --
    Давялося прайсці праз вякі,
    Каб быць поплеч мне з гэтай жанчынай.
Хто па свеце кахання блукаў,
Адчуваў, што працяг яго -- вечнасць,
Асабліва, калі на руках
Спіць дадаткам тваім чалавечак.
    А паўсюль -- акіяны вады!
    Ля вады той гуляюць жанчыны.
    Юнакі ўслед прыходзяць сюды
    Й ператворваюцца з імі ў мужчынаў.