Мы не апошнія -- заўсёды першыя.
Каханне нашае з усіх найлепшае
Сярод мільярдаў, як мы, каханых.
Ты мной абраная, я твой абраннік.
Я незвычайны, ты -- непаўторная,
Як неба сіняе, як неба зорнае.
Мы -- лучнасць нашых гарачых целаў,
Калі жадалі, калі хацелі.
Нам промні светлачы парушаць вочы.
Па-за пачуццямі чакаем ночы,
А ноччу чуем сваё дыханне.
Анёлы нашыя нібы світанне --
Яны на варце, яны ў дазоры.
Задзёрнем шчыльна цяжкія шторы,
Каб не чапалі нас болей людзі,
І будзем спаць, нас не разбудзяць.
Наш дом па космасе з Зямлёй нясецца.
А мы -- ёсць космас, дзе болей сэнсу.
Мы ў крыку чуем працягласць рэха,
Мы шчасце бачым у форме смеху.
Нас сілы зла на злом ламалі --
Няма імперыі, а мы ўстаялі.
Мы даказалі, што мы -- абраныя.
Мы -- непаўторныя, бо закаханыя.