Святлом напоўніла пакрыўджаныя дні,
Аблокі з неба выгнала з дажджамі.
Ў вачах гарэлі сонца прамяні –
Дзяўчына з вогненнымі валасамі.
У кожным кроку постаць балярын,
А шчэбет голаса зліваўся з салаўямі.
Ад кожнага кранання – успамін
Дзяўчыны з вогненнымі валасамі.
Лісіца, і інакш не назаву,
Як ў покер гралася з календарамі.
Імгненнямі сустрэч цяпер жыву
З дзяўчынай з вогненнымі валасамі.