Там, за нябачнаю імглой,
Дзе зорак прадзіва,
Яшчэ мы стрэнемся з табой,
Так Богам дадзена.
І будзем стоена лавіць
Пяшчоту восені,
Жыцця нязмушаную ніць
І неба ў просіні.
І піць пачуццяў ціхаспеў,
Бы ў смагу, росамі,
І слухаць вечнасці павеў
Пад сонца косамі.
Яшчэ мы стрэнемся з табой –
Так Богам дадзена –
Там, за нябачнаю імглой,
Дзе зорак прадзіва.