ЦЫГАНСКІЯ КАСТРЫ

Яшчэ не ацэнена

Дагараць цыганскія кастры,
Датанцую танец, і ў знямозе
Я засну пад раніцу. Сябры,
Выбачайце, я ў сваёй дарозе.

Неба зорнае – над галавой,
Ні пра што любімыя размовы,
Я багацце ўсё бяру з сабой –
Песеньку пра чорненькія бровы.

Заляцацца да мяне – як грэх,
Заляцацца да мяне не варта.
Не цярплю я ў заляцаннях смех,
Помшчу тым, хто пакахае жартам.

Дагараць цыганскія кастры,
Датанцую танец, і ў знямозе
Я засну пад раніцу. Сябры,
Вы не вінныя ў маёй трывозе…