Ты толькі мяне пакліч!
Ды што там!.. Шапні ціхенька.
І шчасця ўсміхнецца зніч,
І стане ўвесь свет маленькім.
Адно толькі — Ты і Я.
І рукі твае, і вочы.
І стану навек твая,
Адкінуўшы сорам жаночы.
І вочы заплюшчыўшы ўраз,
забудуся ўсё на свеце.
Адно толькі ты, як Спас —
адзіны ва ўсім Сусвеце!