У дождж начны, пад мітусню маланак
ты прыадчыніш дзверы ў мой пакой...
Заходзь, праходзь смялей, прысядзь, каханы,
пабудзь са мной.
У дождж начны, пад мітусню маланак
ты раскажы пра ростань і тугу —
адкрыйся мне, даверся мне, каханы,
я зразумець змагу.
У дождж начны, пад мітусню маланак
(стыхіі перашкодай нам не быць)
умовімся паглядамі, каханы,
аддана век любіць.