Кожны вечар бачу столькі
Розных позіркаў, вачэй.
Ды адны хвалююць толькі,
Толькі б іх сустрэць хутчэй!
Я за смехам і гаворкай,
Сярод жартаў, слоў сваіх
Адчуваю з сумам горкім
Задуменны позірк іх.
І калі ні азірнуся —
Бачу ў тых вачах тугу.
І глядзець у іх баюся,
І не глянуць не магу.
Што зрабіла ім, не знаю…
Чым пакрыўдзіла я іх?..
За сябе ў пару кахаю,
А пакуты — за дваіх.