Вяртанне

Ваша адзнака: Нет (7 галасы)

Сінь-дарогай раннем,
Як жыццё, даўгою
Я нясу каханне
З жалем і тугою.

Добры, любы краю,
Родная хаціна!
Там мяне чакае
Маці-сіраціна.

Я прыйду з дарогі –
Цішыня якая! –
Сяду ля парога.
Маці запытае:

– Дзе ж, мая дачушка,
Ў свеце прападала,
Пералётнай птушкай
Доўга вандравала?

Ты па што хадзіла,
З кім любоў вадзіла?
Колькі напаткала?
Колькі цалавала?

– Мама, мая мама!
Не кажы нікому,
Свайго шчасця мала
Зберагла для дому.

Колькі я схадзіла,
Сцежак выбірала,
Колькі напаткала,
Столькі цалавала.

Ды адно спатканне
Пракляла сама я
І сваё каханне
На руках трымаю.