Ўсіх і ўся ты пакінь, і папраўдзе
Нашы стрэчы былыя вярні.
Вельмі трэба б усё так наладзіць,
Быццам прынц на ссівелым кані,
Сам сівы ты ад пылу і рытвін,
Ад набітых гузоў на ілбе,
Хай слабы, як пасля жорсткай бітвы,
Мне б сагрэцца ў замёрзшым – табе.
Хай замучаны працай і лёсам,
Без прывычных стагнанняў і слёз,
Не чужым – дарагім адгалоскам
Ля падножжа бярозак ці лоз
Ты сустрэнеш мяне маладую:
Не хапіла мне часу старэць.
Я – вядуння, цябе павяду я,
Дзе дзянніца адпрэчыла смерць.
Павяду я цябе ў свае мары,
Не захмараць дзе сонца вятры,
Дзе забудзешся ты і на старасць,
І на немач, на боль.
Гавары,
Што наіўная і не такая,
Як усе.
Толькі будзь і вярні
Мне той час, што так доўга блукае.
Як раней, да сябе прыгарні.