Я Бога бачу ў вобліку тваім.
Не дасканаласць рыс –
Вачэй жывая споведзь,
Адкрытая, як неба, нам дваім,
Душу маю цяплом вясновым поіць.
І я расту.
Нібыта ў забыцці,
Вачам тваім, рукам тваім малюся.
О шчасця міг, мне суджаны ў жыцці,
Якой бяссільнаю перад табой раблюся.
Баюся: знікнеш ты з маіх вачэй,
Агеньчык мой,
Праменьчык мой вясновы.
Хоць на імгненне
Ўспыхне хай ярчэй
Святло ў грудзях –
Я ажыву,
Я прарасту нанова.