Я не прыйду — каб табе было светла.
He пазваню — каб спакойна было.
Я расхіну над усім белым светам
незапытанай пяшчоты крыло.
Я не скажу аніводнага слова,
не прычакаўшы твае далані.
Дзякуй, што ты ад маркоты зімовай
моўчкі здалёку мяне засланіў.
Некалі нас на Радзіме не стане,
Сыдуцца хісткія ў плыні кругі.
Дзякуй спатканню і дзякуй расстанню.
Дзякуй, што недзе ты ёсць, дарагі.
Я не паклічу — баюся параніць.
Сонцам дарогу тваю бласлаўлю.
Можа, настане прычаснае ранне...
Можа, мы вернемся ў злюб на зямлю...