Я ў горад вярнуцца хачу, што згарэў,
У той любімы, пракураны бэзамі горад,
Дзе нязграбны цягнік не ў час пастрэў,
Дзе аднойчы пранізлівы, здзеклівы холад
Апустошыў мяне. Я душой захварэў.
Я ў горад вярнуцца хачу, што згарэў.
Там, за мілямі фраз, дыялогаў, праклёнаў,
Упершыню ад кахання няўцемна п'янеў.
І згубіўся (як смешна!) ў трох клёнах.
Не ў бярозах. Зусім захварэў.
Я ў горад вярнуцца хачу, што згарэў.
Там курыў фіміям незнаёмым паэтам.
А пазней, на чыгунцы, ужо зразумеў:
Як яны празаічны! З білетам
Не вайшоў у цягнік, бо хварэў.
Я ў горад вярнуцца хачу, што згарэў.
Ільдзяныя ў сшытках пакінуў хімеры.
Там бяжаў за нязбытным і не паспеў,
Бо жадаў ад жыцця я звыш меры.
Спатыкнуўся. Тады ўжо хварэў.
Я ў горад вярнуцца хачу, што згарэў.
Там пазбыўся прыйсці да любімай матулі.
Толькі зараз, бяскарны, крыху пасталеў,
Але позна. Ніхто не прытуліць.
Воленс-ноленс, глыбока хварэў.
Я ў горад вярнуцца хачу, што згарэў.
Мне так трэба туды, Божа, мілы!
Ты прабач недалёкага, што ўзляцеў
І ўпаў на нямыя магілы.
І прачнуўся. Прабач, што хварэў!