Я ведаю цябе ад хрызантэм...

Яшчэ не ацэнена

Я ведаю цябе ад хрызантэм
I да радзімкі, самай патаемнай, —
Ад чыстых ненапісаных паэм
I да заўсёднай музыкі багемнай.

Ты — з глыбіні віёлавых садоў!
I, снежань упрыгожыўшы сабою,
Не закрываешся ад халадоў
Ні хустачкай і ні маёй журбою.

Як хрызантэма, мокне галава...
Халодны дзень у кожную хвіліну
Цалуе і не кіне цалаваць
Твае пялёсткі, лісце і сцябліну.

Непаслухмяная, — ты йдзеш туды,
Дзе нават мілаваннем не сагрэцца;
Дзе чысціня кастальскае вады
Бярэцца ў лёд і ў лёдзе застаецца.

Я ведаю, што хараству твайму
Не падабае выгляд местачковы,
Ды каб лягчэй перацярпець зіму —
Хоць паўтары за мной такія словы:

Да хаты Майсюковай
Іду я па сняжку
У хустачцы пуховай,
У белым кажушку.