Зімовы сад
Аддаў цяпло сваё кастрычнік
Зямельцы, восеньскай раллі
І адляцеў, як ліст апошні,
Як адлятаюць жураўлі.
У нашым садзе апусцелым
Маркотна яблыні стаяць.
А вось каліна і рабіна
Чырвоным полымем гараць.
І чырвань гэту не затушыць
Ні снег, ні слота, ні дажджы.
Цяпло рукі тваёй адчую,
Калі настануць халады.
Цяпло душы хай не пагасне,
Пяшчота ў сэрцы ажыве.
Перазімуе сад пад снегам
Вясною буйна зацвіце.