Там, дзе канец усім дарогам,
Чарнее ў вечнай цішыні парог,
Як апынуся я за тым парогам,
Дык мне назад не будзе ўжо дарог.
Не баязлівец я і не імкнуся
Фатальнае пытанне прытупіць,
Ды часам і падумаць я баюся,
Што мушу той парог пераступіць.
Але калі б я толькі ведаў пэўна,
Што там, любоў, сустрэнуся з табой,
І зноў пачую голас твой напеўны,
І зноў адчую лёгкі подых твой,
Тады б таму парогу не спалохаць
Мяне ніколі.
І ў халодны змрок,
У незваротнасць тую я самохаць
Зрабіў бы крок.