Палескае паданне
Чуеш, — шуміць лес-дуброва?
Чуеш, — звініць падковамі дарога?
Гэта бягуць коні вараныя.
Гэта едуць удальцы маладыя.
А наперадзе едзе Іванка.
Конь у Іванкі самы варанейшы,
А сам Іванка за ўсіх смялейшы.
Толькі ў Іванкі бяда-неспадзяванка:
Князь-валадар забраў яго нявесту Алену
Сабе на пацеху за каменныя сцены,
За каменныя сцены, за сталёвыя мячы,
I не вырвацца адтуль, не ўцячы.
Едзе Іванка з вернымі сябрамі
Да князева замка, да жалезнай брамы.
— Разаб'ем мы каменныя сцены, —
Кажа Іванка, —
Мячамі
Да адамкнем камору, дзе схавалі Алену,
Ключамі.
Раптам каркнуў чорны груган за палянкай:
— Ці не страшна ехаць на бітву, Іванка?
Вочанькі вып'ю твае, калі будзеш забіты валяцца.
— А чаго ж бо мне, чорны груган, баяцца?
Конь пада мною, бог нада мною,
А хлопцы-малойцы едуць за мною.
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Вараны конь да стайні бяжыць,
А смелы Іванка забіты ляжыць.
Праз яго рэбрачкі трава парасла,
Праз яго вочанькі
Вада працякла,
Скрозь яго горлечка
Змяя прапаўзла.
Явар сумна ў нагах шуміць,
Чорны груган у галавах сядзіць,
Але песня пра Іванку высока ляціць.