Ты быў маёй недасяжнаю марай,
Я — твой пякельны экстаз.
Катам ты стаў, я — тваёю ахвярай,
Зоркі былі супраць нас.
Лашчылі сьпіну нам брызы каханьня,
Сьцяг наш лунаў напаказ.
Кінула ноч карабель у блуканьні,
Зоркі былі супраць нас.
Па навальніцы, пасьля твайго болю,
Пасьля вайны мілых фраз,
Раны нам прыйдзецца вылячыць сольлю,
Зоркі былі супраць нас.
Не вінаваць сябе, мілы, ня трэба!
Лёс даў суворы наказ:
Наша растаньне было воляй неба —
Зоркі былі супраць нас.
Ты ў маёй памяці будзеш заўсёды,
Джаліцьмеш сэрца штораз.
Не пераможам мы сілаў прыроды,
Зоркі былі супраць нас.
Страчаны вечна, ды вечна чаканы,
Покуль ня з'есьць мяне Час...
Зоркі былі супраць нас, мой каханы,
Зоркі былі супраць нас.