Чаго ні давялося перажыць,
а я жадаю аднаго — любіць!..
Любіць зямлю, лясы і сінь вады,
любіць адной або з табой — заўжды.
Любіць бярозу, вольху і сасну
за тое, што хавалі у вайну.
Любіць будоўлю, кузню і тартак
за тое, што свае, — і проста так.
Любіць таму, што страчана зашмат
паспелых каласоў і цёплых хат.
Любіць таму, што хлопцы ў небыцці,
якіх не цалавалі пры жыцці.
Любіць таму, што хлопчыкі растуць,
якім любоў патрэбна удыхнуць...
Я гавару — любіць, пяю — кахаць,
каб днём апошнім не пашкадаваць
самой любві, што дзеля трат жыла,
а я яе чамусьці берагла...
Кахаць цябе істотаю жывой
за словы познія: «Цяпер я твой...»