Дождж коціцца, бубніць, гудзе,
Бяжыць, як хлопчык басанож...
I я заместа «Добры дзень»
Табе сказала: «Добры дождж!»
I засмяялася,
I ты
Нібы смяяўся пад дажджом, —
Ды ўраз пакрочыў за масты,
Прыкрыўшы мокры твар плашчом...
Ах, добры дождж, вясёлы дождж,
Нашто жаданага прагнаў?
Пытаюся ў цябе: няўжо ж
Ён тых дажджоў не дараваў,
Што некалі вось так ішлі
I ўсе усмешкі залілі?..
Хай не даруе. Мне самой
He дужа соладка цяпер,
Калі упартай чарадой
Бягуць дажджыны за каўнер...