Ляжу адна, самотная, у ложку...
Лі Цын-Чжао, XII ст.
"Строфы з гранёнай яшмы"
"Ляжу адна, самотная, у ложку..."
А калі б я вось гэтак напісала?
Ад позіркаў бы кплівых запалала,
сказалі б, што цнатлівасці ні крошкі
ў маім прызнанні, і адразу ў "ЛіМе"
пародыю змясцілі б на жанчыну...
У век жаночай роўнасці з усімі
і крытыку мы дзелім чын па чыну...
Як пакаранне — шчырае прызнанне,
і кожная сляза навідавоку.
Сама краса не ў масць благому воку,
а без красы якое там спяванне!
Пяём красу, нягледзячы на плёткі...
Што тая, за вякамі, кітаянка!
Мая страфа не з яшмы, але ўсё-ткі...
Не прападзе жаночая вяснянка!