Пазірні, паглядзі, дарагая:
Ціха ў небе зара дагарае.
Хоць зязюля куе звонка ў гаі,
Дагарае зара, дагарае.
Золь, нягоды я перамагаю,
Бо на свеце ёсць ты, дарагая;
Можа, дзе хто каго больш кахае,
Ды не гэтак, як ты, дарагая;
Можа, дзе хто да зорак сягае,
Ты ярчэй, чым яны, дарагая;
А ці ёсць дзе туга больш тутая,
Чым мая па табе, дарагая?!
Палынам хай зара дагарае,
А не мне, не табе, дарагая!..