Каторы ўжо раз закаханы
Ў цябе я — дзесяты, соты?..
Перахоплівае дыханне,
Як ты парушаеш самоту.
Променем сонца ласкавым,
Цёплым, як ён, і няўлоўным
Прыходзіш у сон светлай явай,
Яву — сном робіш чароўным.
З поля прыходзіш, сэрца
Пяе жаўруком нестрымана.
З бору прыходзіш, рвецца
Да сонца сасонкай з туману.
З лугу прыходзіш, вочы,
Як подых атавы надрэчнай, —
Бусел клякоча-прарочыць
Атаве расці нашай вечна...
Ці позніх зарніц калыханне,
Ці ліўняў ліпнёвых грымоты,
Перахоплівае дыханне...
Дзень добры, шчасце маё ты!..