Два люстэркі

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Два люстэркі

Людміле

Жыву на свеце, як умею,
твае цалуючы сляды.
І паступова разумею:
маё люстэрка – гэта ты.

Віно каштую маладое,
падараванае табой,
і кожным словам ці слязою
перацякаю ў твой настрой.

І азіраючыся ў вечнасць –
хачу я гэтага ці не, –
усмешкай, рухам недарэчным
ты адбіваешся ўва мне.

Нам плыць і соладка, і горка
паміж жыццёвых берагоў.
Мы – два люстэркі, як дзве зоркі, –
адно насупраць аднаго.