Кроплі дажджу
Дождж ад раніцы ідзе
досыць цёплы.
Скачуць кроплі па вадзе,
танчаць кроплі.
З паўгадзіны мо стаю
ля таполі,
назіраю, як зямлю
лашчаць кроплі.
Не прымружыць вочы, бо
сню Акропаль,
што знаёміў нас з табой
гукам кропель...
Заблудзіўся наш раман
ў жытнім полі.
Больш Акропаля няма –
толькі кроплі.
Дождж канчаецца, але
так паволі.
На асфальце, як на шкле,
танчаць кроплі.