Ашчаслівіла ноч успамінам:
Апынуўся я ў нашай вясне,
I сказала з усмешкай ты мне:
– Што глядзіш на мяне гэтак дзіўна?
А над вёскаю – месяц і зоркі!
Мы па вуліцы ціхай пайшлі,
I адны мы былі на зямлі
Між дрымотных, нямых панадворкаў.
– Што глядзіш на мяне гэтак дзіўна?
Усміхнуўся, нясмела абняў:
– Я хачу паглядзець на наш стаў,
Пойдзем сходзім да панскага млына.
– Мы не зможам... Не зможам! Не зможам!
У мінулым і млын, і наш стаў!
... I твой вобраз раптоўна прапаў.
Недарэчна. Балюча. Трывожна.