Ну няўжо ўсё было са мной:
Чысты воблік і вобраз твой?
Ты прыйшла, як святло ў пакой,
У трывогі мае прыйшла.
Быццам ружу вясна ўнясла!
Быццам лёгкі палёт крыла!
Дай нам, Божа, дваім цяпла
У халоднай жыцця начы.
Так душа забаліць, хоць крычы!..
Ты прысядзь, пасядзі, памаўчы...
Штось, як мама мая, пашапчы...
Як жа мамы даўно няма!
За людзей набалелы страх
Узлятае і гіне ў дамах,
Дзе кватэры – нібыта турма,
Дзе пануе сляпы спакой.
Ну няўжо ўсё было са мной:
Чысты воблік і вобраз твой?
Ты прыйшла, як святло ў пакой,
У трывогі мае прыйшла...