Бяжыць дарога за шумлівы лес,
Душа за ёй узбуджана імкнецца.
Прыпамінаецца юнацтва, бэз
I стук-біццё ўстрывожанага сэрца.
Прайшла ў танюсенькай сукенцы,
А я глядзеў з веранды праз акенца,
А я хацеў, як матылёк, ляцець
I над табою радасна трымцець,
Ды з думкамі няўклюдна-кволымі
Згаралі мае мары ў бэза полымі.
Бяжыць дарога за шумлівы лес...
За лесам тым жывеш ты, пастарэла,
Пакорную задумлівасць
Вачэй разрэз
Другому выпраменьвае збалела.
Бяжыць дарога за шумлівы лес...
А там мужчына п’яны на падворку,
Каб сына, што на яблыню залез,
Адлупцаваць, шукае ўз’юшана аборку.
Бяжыць дарога за шумлівы лес,
Душа згарае ва ўспамінах...
З веранды, ля якой буяе бэз,
Юнак глядзіць нясмела на дзяўчыну.