Калі вусны шапталі – не трэба! –
дык у вачах свяцілася – любы, імкніся…
І ў вачах было вечна палкае мора і неба:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.
А калі паспляталіся сцені,
зоры ў небе і моры вянком завіліся.
Над зямлёю тады летуценні жылі ў летуценнях:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.
І ў той час, што не знае падобных,
ў захапленні і месяц на хмарах спыніўся.
Векавечныя тайны ў адзін знітаваліся подых:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.
А калі рассыпаліся зоры,
што звіваліся ў небе і моры калісьці,
даляведныя вочы праменілі шчасце і гордасць:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.