Пяе дзяўчына над ракою,
Над Прыпяццю-ракой пяе.
Няма на сэрцы супакою —
Яго і песня не дае...
Лятуць, плывуць, знікаюць гукі
У глыбіні, у вышыні.
А смутак горкае разлукі
Не перапаляць і агні.
Дзяўчына песняй разганяе
Свой цяжкі смутак над ракой.
А ён ляціць, а ён лунае
На крыллі крачак па-над ёй:
Павей, павей, буйны ветру,
Над калінай лесавой.
А чаму ж ты не павееш
Над дзявочаю журбой?
На каліне пры даліне
Пазбіваў ты белы цвет.
Ды чаму ж мой горкі смутак
Не ляціць за ім услед?
Ад’язджае мой міленькі
Да разлучніцы ліхой...
Падымі ты цвет бяленькі,
Як мяцеліцу зімой.
Замяці ты ўсе дарожкі,
Ўсе дарожкі да адной,
Каб не мелі знаку ножкі,
Каб застаўся ён са мной...
Каб мой мілы, мой каханы
Не знайшоў туды слядоў.
На каліне цвет вясняны
Закрасуе мне ізноў.
Адна японская дзяўчына
Пра нешчаслівую любоў
У старадаўнюю часіну —
Да нас за тысячу гадоў —
Пакінула такую ж песню,
Як і спяваную ў Палессі:
Ах, каб стрымаць мне як дапамаглі
Таго, надумаў што мяне пакінуць!
Рассыпся, цвет вішнёвы,
Па зямлі,
Каб не знайшоў сабе ён пуцявіну...
Як дзень адзін, як кропля ў моры,
Мінула тысяча гадоў.
З глыбінь вякоў яна гаворыць
Пра нешчаслівую любоў.
Як многа трэба свету жыць,
Каб сэрца кінула тужыць!