Ведаеш добра: ты вельмі прыгожая,
вусны твае кармазынам асмужаны.
Вочы ненацкам жыццё ўстрывожылі
і агарнулі сукрыстасцю кужалю.
Чуў ды не верыў — спатканне на ростані.
Што ж, будзе сумная песня, мінорная.
Наша каханне звычайнае, простае, —
хоць незвычайнай тугой і агорнута.
Лёс табе даў пекнату чараўнічую,
дасць ён, напэўна, і шчасце вялікае.
Шчыра жадаю — не быць табе знічкаю,
каб і ўспамін да сябе ты не клікала...
Хвалямі ў хвалях, пакуль не загінулі,
сэрца твайго каб шкадункі не ўразілі...
Можа, і мы на акрайках дэльфінавых,
быццам хлапчук Рафаэльвай фантазіі...