Шляхоў нямала пакручастых.
I каб мінуць равы, кусты,
Было, што ўброд хадзіў я часта,
Таго не ведала і ты.
I плыў між хваль непалахліва
Я, сілу чуючы ў руках,
Але трапляў на вір кружлівы,
Што аж цямнела у вачах.
Змагаўся я і, ледзь рухомы,
У хвалях чэзнуў з галавой.
Здавалася, не здолець стомы...
А ты ўзнікала прада мной.
На бераг, вытаптаўшы сцежку,
Заўжды прыходзіла і ў час.
Я плыў... Трывожнаю усмешкай
Мяне страчала ты не раз.