Лес галее, як балясы,
Але ўзлесачак вясновы
Пасцяліў свае паласы –
Маладой вясны абновы.
Мо лясун, на плёткі ласы,
Звабіў нас на тыя ўзлескі,
Дзе сарокі точаць лясы,
Быццам нехта трушчыць трэскі.
Пэўна, здзейсніліся казкі –
Мне, прынамсі, так здалося.
Цеплынёй пяшчотнай ласкі
Ўвесну лета пачалося.
Свенціць бусел паднябессе…
Далібог! Усё збылося!
Балазе зязюля ў лесе
Зноў клапоціцца аб лёсе!..
2000