Зрэдчас, у роспачы, калі
Мяне трывожаць успаміны,
Прыходжу ў думках да каліны –
Туды, дзе разам мы былі.
У бездань тыя дні сплылі,
Але ўсё клічуць наўздагонкі
Кахання вешчуны – рамонкі,
Што пад калінаю цвілі.
Кружляла сцежачка ў бары,
Якую помніць ты павінна.
Птушыны спеў гучаў няспынна.
Духмяна млелі чабары.
Як чырванела ў гушчары!..
Ды ў лес цягнулі не маліны,
А вусны спелыя дзяўчыны,
Вачэй бяздонныя віры.
На тым узлессі, ля ракі,
Дзе прытулілася каліна,
Крынічна ззяла ручаіна
І нас хавалі хмызнякі…
Аблокі ў вогнішчы зары
Як галавешкі дагаралі.
Ў чароце плюхаліся хвалі,
А мо дурэлі печкуры.
Туман лунаў каля вады
Смугою шлюбнага убору –
Бялюткі вэлюм без дакору,
Як быццам майскія сады.
Ад непазбежнасці зімы
Схаваўшыся ў чуллівым леце,
Адны на цэлым белым свеце
Каханне калыхалі мы.
Як сон спляталіся ўгары
Сузор’яў велічных узоры.
Ў тваіх вачах ярчэлі зоры
Да светлай ранішняй зары.
Гарэза, ветрык-чарадзей
Нас казытаў мурожным сенам.
Пяшчотным блікам летуценным
Туліўся месяц да грудзей…
Шапталі хвоі-плеткары
Пра нас апошнія навіны,
Дрыжэлі з зайздрасці асіны,
І вартаваў нас дуб стары.
Напэўна, помняць дрэвы ўсе,
Як заірдзелася каліна
І нарадзілася жанчына
Наранку ў сонечнай красе.
Заззялі, нібы светлякі,
Празрыста-бісерныя росы.
Прыгожа, як наўмысна, ў косы
Заблыталіся васількі.
І, як удзячныя дары,
У свет, пакуль яшчэ замглёны,
Панеслі нашыя імёны
Два карабельчыкі з кары.
Сутоннем досвітку плылі,
А мы не ведалі, не зналі,
Што хутка раз’яднаюць хвалі
Надзеі нашай караблі.
Спыніць імгненне назаўжды!..
Але і лету век адмеран:
Замест расы – сівая шэрань
Час расставання і бяды.
Няўзнак у месяцы, ў гады
Звіліся моцна дні разлукі.
А я да сёння чую гукі,
Што чаравалі нас тады.
Мяне далёка завялі
Жыцця і лёсу каляіны.
Былі салодкія маліны,
Але патолі не далі.
Пазней прывабнымі былі
Суніцы ў лесе і ажыны,
Парэчкі побач ручаіны,
Дурніцы, дзічкі, журавіны,
Разынкі, горкія рабіны
І неядомыя крушыны…
А незабыўнасці каліны
Пазбыцца вусны не змаглі.
Зрэдчас – у роспачы калі –
Я галаву хілю павінна:
“Даруй, каханая каліна,
Дні маладосці адгулі.
Квітней і ў памяці жыві,
Кахання нашага скарбонка!..”
Гарыць барвяных ягад гронка
Дакорам, кроплямі крыві…
1999