Цячэ вада з нябёс бясконца...

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Цячэ вада з нябёс бясконца,
Ілье, цурчыць на ўсе лады.
Майго чаўна старое донца
Таксама дадае вады.

Бездапаможна звяў мой ветразь,
Як перабітае крыло,
А я плыву туды, дзе летась
Каханне нашае жыло.

Да запаветнай мроі-мэты –
Святла прывабнага ў акне –
Вяслую, думкаю сагрэты,
Што твой агеньчык – для мяне.
Згубіў вясло – адным стырную,
І ўсё на стрыжані ракі.
А дождж бязлітасна лупцуе –
Ўбівае кроплі, як цвікі.

Знямог і розум. Кажа: годзе!
Не даплывеш ужо туды
Ў тым звар’яцелым карагодзе.
Так – недалёка да бяды!..

Не выпадае зноў у лета.
Знясе далёка бедака
Бяздушная, як тая Лета,
Жыцця халодная рака.

Як саван, цемра пакрывае.
Дзе ўрэшце бераг, дзе святло?
Адна вада… Мо Бог карае?
За што?
За тое, што прайшло!..

2000