Ліпень, ліпень...
Незабыўны ліпень!
Мне развітанне сэрца апякло.
Твой позірк – як балючы кіпень,
Спаткання закаханага крыло.
Разлукі смутак салаўіным раннем,
Нібыта сон растаў у небыцці,
Апошні пацалунак на світанні...
Пунсовым вуснам болей не цвісці.
Не вернеш болей тых хвілін чаканых .
Упала шчасце знічкай у траву.
Я перад лёсам на калені стану,
Ссівелую схіліўшы галаву.
Ліпень, ліпень...
Векапомны ліпень!
Сцінае сэрца неадступны боль.
Твой позірк быў, нібы балючы кіпень.
Але ўспаміны светлыя з табой.