Разбудзі мяне рана-раненька –
Павянчаем світанак з зарой,
І ласкава на роўныя жменькі
Мы падзелім вясельны напой.
Смагу сэрцаў здаволім паволі,
Асалоду пацешым даўжэй,
Бо няма саладзейшай патолі
І хвілін не знайсці даражэй.
Толькі вечная – ранічка наша,
Толькі мары – няскончаны міг.
Ночка нас паяском падпаяша
І прытуліць крылом абаіх.
Разбудзі, як калісь, нечакана
Як калісь маладога зусім,
І пакліч мяне раненька-рана
На рамонкавы ў лузе кілім.