Мне б толькі не забыцца Вас забыць,
Забыць і вочы Вашы, й рукі Вашы.
I перасмягламу з глыбокай чашы
Ваду зачараваную не піць.
Прашу падданства Вашага даўно,
А Вы, як сувярэнная дзяржава,
Мне адмаўляеце, але ласкава —
Мой сподзеў грэе гэтае адно.
Няўжо мой смутак Вас не закране,
Няўжо спагада на мяне не гляне?
Няйначай быць у космасе кахання
Пылінкай дробнай давядзецца мне.
Я на зіму змяніў сваю вясну,
Жыву, пакуль мая журба жывая.
I я на Вас забыцца забываю
I помню Вас, няўмольную, адну.