Вы мне жыццём і забыццём былі,
I першым, і апошнім спадзяваннем.
За Вамі я ішоў на край зямлі
На выспу сноў, што звалася каханнем.
За Вамі йшоў, і Вы мяне вялі
Па сцежках роспачы і ўратавання,
I я не ведаў, скончыцца калі
З жаданымі пакутамі блуканне.
Я адставаў, я Вас дагнаць хацеў,
Нясмелы ў ранішніх сваіх намерах.
Рака тугі цякла, і ўсё круцеў
З агеньчыкам мальбы чаканы бераг.
У шчырасць нябыцця рака ўцячэ.
Сябе саміх дагнаць не змогуць хвалі,
Не ведаю, ці будзеце яшчэ,
Ды дзякуй, што былі і што кахалі!