Вы зблыталі мяне са мной.
Абраны Вамі ў гэтай зале
Не столькі я, а болей той,
Каго Вы некалі кахалі.
Я Вашай нагадаў журбе,
Што хвалі човен ашукалі,
I нагадаў я сам сабе
Таго, каго Вы не кахалі.
Усё пад небам — варажба.
Усіх прымае свет варожа,
У кожнага свая журба.
Мы іх і пазнаёмім, можа.
Смяецца рэдка лёс-айчым.
З чужой бяды ён кпіць ахвочы.
А мы пяшчотна памаўчым —
Няхай гавораць нашы вочы.