На планеце ў нас усё бывае,
Слухай ды за прэсаю сачы...
У студэнтаў дзевак адбіваюць
Тлустыя вучоныя сычы.
Ходзіць гэткі ў чысценькай манішцы,
Тройчы ўжо разведзены жаніх.
У яго кватэра і на кніжцы
Хітрая спакуса для дурных.
Ёй жа цяжка на Палессе ехаць,
Працаваць, падлогу мыць, раджаць.
I каханне замірае рэхам,
Сыч ідзе дзяўчыну праважаць.
Чорта з два яго ты палюбіла,
Падчапіў на іншы ён кручок.
Аблягае грудзі плацце міла,
Ды іскрыцца тонкі каблучок.
З каляіны хлопца здрада выб'е,
Ў нечым прысягне ён сам сабе,
Паўлітэрку з прыяцелем вып'е
I аб месяц чарку разаб'е.
Добра жыць, вітацца без пальчатак,
Хлеб свой есці...
Кропка. Так і быць.
Не пра вас, харошыя дзяўчаты,
Я пішу: сычам вас не адбіць.