У акенца тваё
Я пастукаў зязюльчыным ранкам
Пасля салаўінага вечара
I перапёлчынай ночы.
Вока тваё, як зорка,
Бліснула з-за фіранкі:
Хто там?
Хто ты?
I чаго ты хочаш?
Я мог бы выдумаць,
Што я славуты наватар,
Цаліны пакарыцель
Ці майстар футбола.
Але быў салаўіны вечар,
I прытварацца не варта.
Стаю, які ёсць,
Перапоўнены радасным болем.
Мажліва, я цір,
Куды кожны
Можа забегчы і выстраліць
Куляй насмешкі
Ці шротам грубасці.
Я магу даць здачы
I ў дадатак выстраіць
Перад табою ўсе воблакі
Ад вялікай любасці.
Мажліва, гара я,
Што нярэдка горбіцца
Ад адзіноты і смутку.
Пра гэта здагадваюцца
Вельмі і вельмі нямногія.
Я хачу цябе вывесці
З-за гэтых акенцаў мутных
I светлым ручаем
Абмыць твае ногі.
Мае адбіткі ты знойдзеш
На акіянскай хвалі
I ў налітым вадою
Следзе ад капыта.
А сёння я ў вачах тваіх,
Што сто год мяне хвалявалі,
Хачу пасяліцца
I ні пра што, ні пра што не пытаць.
Ды толькі не магіла,
Не, не магіла я;
Вянкі з жалобнымі стужкамі
На мне не ляжаць.
Нават калі прагоніш,
Я цябе не пахаваю, мілая,
Толькі зоркі і травы
Ад крыўды глухой задрыжаць.
I больш ты не ўбачыш ніколі
Маёй прыгорбленай постаці.
Вось і ўсё.
Адказвай.
Не бойся: я не ўтаплюся ў стопцы...
Ты соладка пазяхнула,
Аж хруснулі маладыя костачкі.
— Гэта занадта.
Для мяне хапіла б і добрага хлопца.