Не было і не будзе
Ў мілога каханкі,
Каб спявала такія,
Як я, калыханкі.
Ці трапіцца дрэнная,
Ці залатая,
Але не такая,
Але не такая.
Як лепшую возьме
За жонку сабе –
Прыпомніць усе
Недахопы мае.
Акажацца горшаю
Жонка яго –
Згадае адкрытасць
Пагляду майго.
Не будзе, не будзе
Ў мілога каханкі...
Спяваць мне да веку
Свае калыханкі,
Абняўшы ці дрэннага,
Ці залатога,
Але не такога,
Але... не такога!