Сёння твой Дзень нараджэння...

Яшчэ не ацэнена

Сёння твой Дзень нараджэння.
Сёння табе дваццать тры.
Дзень які сонечны. Верасень. Сёмае.
Лісце ў дварах падмятаюць вятры.

Восень ізноў залатою аправай
Кожны ўспамін-дыямент ахіне,
У цішыні аднастайнай і млявай
Помняцца, помняцца, помняцца мне

Вочы, усмешка і вусны, і рукі,
Голас, маўчанне і гэтак далей...
Зрэшты, спецыфіка гэтай разлукі —
Вечная споведзь у нефах алей.

Глянуся смутна ў люстэрка старое:
Постаць чужая з глыбіняў кіўне,
Здасца: маўкліва ідзе за спіною
Той, хто без жалю пакінуў мяне.