Не бывае гэтак, не бывае,
Немагчыма любых праклінаць.
Як жа так, што я табе жадаю
Больш нікога ў свеце не кахаць?!
Як жа так, што зычу, каб абрыдлай
Сталася чужая старана?
Драцяной ніцінаю нявіднай
Боль звініць у сэрцы, як струна.
Непатрэбна гэтак, непатрэбна,
Для мяне існуеш ты адзін...
Пройдзе час, і я забуду пекла
Тых апошніх некалькіх гадзін.
Я сама, быць можа, вінавата —
Паддалася ў слабасці журбе.
Не крыўдуй, люблю ж цябе, як брата,
I няхай даруецца табе.