Не хацела табе гаварыць,
Напалохаць цябе не хацела,
Лепш не ведай, як цяжка любіць
Толькі сутнасць, не прагнучы цела.
Толькі сутнасць, якой усяго
Дваццаць год непапраўна-зялёных,
І даверыць ёй страшна з таго
Безнадзейнасць вачэй заімглёных.
Лепш не ведай, што значыць чакаць
Прасвятлення або высвятлення...
Не хацела табе расказаць,
Ды і Бог не прызначыў хацення.